ААТ «Беларускі цэментны завод» спрацавала ў 2021 годзе з чыстым прыбыткам
Афіцыйныя вынікі працы за 2021 год былі агучаны на гадавым агульным сходзе акцыянераў ААТ «Беларускі цэментны завод». Яны апынуліся лепшымі ў больш чым 25-гадовай гісторыі прадпрыемства. Цэментны завод пабіў і месячны, і гадавы вытворчыя рэкорды, перасягнуўшы адзнаку ў 2 млн тон цэменту, выпушчанага за год. Самае галоўнае, акцыянернае таварыства ўпершыню выйшла на чысты прыбытак. Перадумовы да рыўка наперад былі закладзены яшчэ 3 гады таму, ва ўказе Прэзідэнта №181, які вызначыў развіццё айчыннай цэментнай галіны.
Сам Беларускі цэментны завод прасунуўся практычна па ўсіх таварных пазіцыях: у параўнанні з 2020-м, цэменту выраблена на 10,5% больш, вапны і мелу – на 8% і 9% адпаведна. Вырасла таксама адгрузка прадукцыі – у цэлым на 19%. Парадавалі і філіялы. Так, філіял №7 «Оршастройматериалы» павялічыў чысты прыбытак у 5,8 разы (да 614 тысяч рублёў), філіял №3 «Мінскі КСВ» – у 6,5 разы (да амаль 1,4 млн рублёў). Філіял №6 «Любанскі КБМ» адгрузіў пяску ў 5,5 разы больш, чым годам раней, а тэмп росту выпуску пенаполістырольных цеплаізаляцыйных пліт на Мінскім камбінаце сілікатных вырабаў склаў 123%.
Красамоўна параўнанне асноўных паказчыкаў развіцця ААТ «Беларускі цэментны завод» за тры апошнія гады. Калі ў 2019-м прыбытак ад рэалізацыі ў цэлым быў у мінусе, то ўжо ў 2020-м склаў 18 млн рублёў, а ў 2021-м амаль падвоіўся. З адмоўнай рэнтабельнасці продажаў ААТ за год выйшла на паказчык у 5,4%, яшчэ праз год – на 8,6%. Валавы дададзены кошт на працягу трох гадоў змяняўся ў такой прагрэсіі: 61 млн – 86 млн – 113 млн рублёў. У тым ліку таму ўдалося істотна больш сродкаў укласці ў развіццё (аб'ём інвестыцый без ПДВ вырас на 64%, да 12,5 млн рублёў) і падняць па ААТ сярэднямесячную заработную плату на 15%.
У найбліжэйшай перспектыве на чысты прыбытак павінна выйсці і іншае галаўное прадпрыемства холдынгу «Беларуская цэментная кампанія» – ААТ «Крычаўцэментнашыфер». І тут таксама супастаўленне сітуацыі да прыняцця ўказа №181 і пасля паказальна. Прыбытак ад рэалізацыі за 3 гады вырас больш чым у 20 разоў (да 17 млн рублёў), рэнтабельнасць продажаў – у 17 разоў (да 5,2%), валавы дададзены кошт павялічыўся з 94 млн да 115 млн рублёў.
