Чатыры прадпрыемствы холдынгу «Беларуская цэментная кампанія» сталі лаўрэатамі конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь»
Падведзены вынікі штогадовага конкурсу Дзяржстандарту «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь». Ён праводзіцца ў два этапы: тавары праходзяць строгі адбор спачатку ў абласных, затым у рэспубліканскай конкурснай камісіі, улічваюцца і водгукі спажыўцоў. Пераможцы атрымліваюць права размяшчаць лагатып конкурсу – своеасаблівы знак якасці – на сваёй прадукцыі і яе ўпакоўцы. Гэтым разам лаўрэатамі сталі адразу 4 прадпрыемствы Беларускай цэментнай кампаніі – ААТ «Беларускі цэментны завод», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», ААТ «Крычаўцэментнашыфер» і Баранавіцкі КЖБК.
У намінацыі «Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння» лепшымі прызнаныя: портландцэмент ЦЕМ I 42,5 Н па ДАСТ 31108-2016 і растворная сумесь сухая, кладкавая, цэментная, М150, F50, Пк2, St-4, 111/65 па ДАСТ 1307-2012 (ААТ «КСМ»), портландцэмент ЦЕМ I 42,5 Н па ДАСТ 31108-2016 (ААТ «КЦШ»), портландцэмент з дзындрай ЦЕМ ІІ/У-Ш 42,5 М (ААТ «БЦЗ») і слупы жалезабетонныя агародж Баранавіцкага КЖБК.
Акрамя таго, ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» і ААТ «Крычаўцэментнашыфер» былі прызнаныя лепшымі ў рэгіёне па сваім профілі.
